У Екацерынбургу 1,8% людзей жывуць з ВІЧ — гэта эпідэмія, Светлагорскі раён — 3%

У Екацерынбургу 1,8% людзей жывуць з ВІЧ — гэта эпідэмія, Светлагорскі раён — 3%

У расійскім Екацерынбургу эпідэмія ВІЧ. Яе абвясцілі, бо больш за 1,8% насельніцтва горада жыве з ВІЧ. А гэта 27 тысяч чалавек! Асаблівых карантынных мер у горадзе не ўводзіцца. 

Паглядзім, у якіх беларускіх гарадах таксама можна абвяшчаць эпідэмію. 3% з дыягназам ВІЧ жывуць у Светлагорскім раёне. Гэта 2651 чалавек.

“У нас эпідэмію не абвяшчаюць, але колькасць расце з кожным годам і ў асноўным расце колькасць тых, хто захварэў палавым шляхам”, —  адказваюць Еўрарадыё ў Цэнтральнай лякарні Светлагорскага раёна.

Заможны Салігорскі раён з высокімі заробкамі: 1461 чалавек жыве з ВІЧ, а гэта 1,1%. Жлобінскі раён – 1012 чалавек і гэта вельмі блізка да 1%.  Па логіцы расійскага Мінздароўя, ужо варта абвяшчаць эпідэмію як мінімум у двух нашых рэгіёнах.

“Мы можам гаварыць, што ў Светлагорску генералізаваная стадыя эпідэміі. Гэта калі інфекцыя ёсць не толькі ў ключавых групах. Але механізмаў, каб увесці эпідэмію ў асобным горадзе, няма. Светлагорск адзін з нямногіх гарадоў, які ўзяў на сябе абавязальніцвы па добраахвотным тэставанні насельніцтва. Там аналіз на ВІЧ – гэта як флюараграфія”, — расказвае Алег Яромін, старшыня Асацыяцыі некамерцыйных арганізацый па супрацьдзеянню эпідэміі ВІЧ/СНІД .

Фактычна, ў Светлагорску эпідэмія ёсць, толькі яе няма на паперы. Па інфармацыі Еўрарадыё, у Гомельскай вобласці, дзе з ВІЧ жыве больш за 6 тысяч, імкнуцца праверыць на інфекцыю як мага больш людзей. Іх накіроўваюць здаваць аналізы ад працы, спрабуюць угаварыць праверыцца ў паліклініцы.

Але ці ёсць патрэба ў афіцыйным абвяшчэнні эпідэміі?

“Магчыма, гэта прывяло б да выкарыстання іншых, больш дейсных механізмаў, больш дарагіх, больш глабальных. Ёсць праблема, што калі чалавек хоць крыху падазрае, што ў яго ВІЧ, ён замыкаецца ў сябе, не ідзе здаваць аналізы”, — разважае кансультант са Светлагорска Яўген Спявак, ён сам жыве з ВІЧ ужо 20 гадоў.

Раней асноўнымі пераносчыкамі ВІЧ былі катэгорыі рызыкі: наркаманы, жанчыны секс-індустрыі. Але цяпер у Салігорскім раёне 70% людзей заразіліся палавым шляхам.

“Эпідэмія канца 90-ых – гэта эпідэмія наркаспажыўцоў, а сёння гэта ўжо эпідэмія праз палавы шлях перадачы. Зараз ідзе хваля за кошт палавых партнёраў наркаспажыўцоў, напрыклад, у Светлагорску”, — дадае Алег Яромін.

На сёння ў Беларусі з ВІЧ жыве 15 тысяч чалавек. Доля палавога шляху перадачы — больш за 60%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі