У Ерэване паліцыя затрымала дэманстрантаў, барыкады разабралі

6 ліпеня паліцыя атрымала загад вызваліць ад пратэстоўцаў праспект Баграмяна ў Ерэване. Каля 200 паліцэйскіх, а сярод іх і спецназ пачалі разбіраць барыкады і затрымліваць тых з нешматлікіх дэманстрантаў, якія супраціўляліся. Як інфармуе РІА "Новости", затрымана, як мінімум, 10 чалавек (па іншай інфармацыі, 40-50). Астатніх людзей праваахоўнікі адціснулі на тратуары. Такім чынам праспект будзе разблакаваны для руху аўтатранспарту.

Нагадаем, з чэрвеня ў Ерэване праходзілі масавыя пратэсты супраць павышэння тарыфаў на электраэнергію на 16%. Спачатку ўлады адрэагавалі жорстка, акцыя была разагнаная, затрыманыя сотні людзей. Але гэта толькі зрабіла пратэст больш масавым — на вуліцы сталіцы Арменіі выходзілі дзясяткі тысяч чалавек.

Пасля таго, як улады прапанавалі правесці аўдыт тарыфаў сярод пратэстоўцаў адбыўся раскол. ВВС нагадвае, што частка з іх, што засталіся на праспекце Баграмяна, пагражалі ў выпадку невыканання іх патрабаванняў да сённяшняга вечара, распачаць акцыю "Крок наперад". Яны збіраліся прасоўвацца да прэзідэнцкага палаца. Улады ўльтыматум не прынялі. Калі паліцыя пайшла на чарговы разгон, на праспекце было зусім мала дэманстрантаў.


Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі