У Ерэване вадамётамі і дубінкамі разагналі акцыю пратэсту, але выйшлі зноў
Пасля разгону адной акцыі на наступны дзень на вуліцы горада выйшлі па розных падліках каля 10 тысяч чалавек.
У Ерэване паліцыя жорстка разагнала акцыю пратэсту. Затрыманыя 237 чалавек. Падчас разгону паліцыя выкарыстоўвала вадамёты і дубінкі, пацярпела 25 чалавек. Кругласутачная акцыя пратэсту супраць павышэння тарыфаў на электраэнергію ладзіцца на плошчы Свабоды ў Ерэване з мінулай пятніцы. У панядзелак увечары каля пяці тысяч пратэстоўцаў перамясціліся да ўрадавых будынкаў і аб’явілі сядзячую забастоўку.
Іх жорстка разагналі. Але на наступны дзень раніцай на вуліцы ўжо выйшлі каля 10 тысяч чалавек чалавек. Як і чаму пачаліся пратэсты чытайце ў нашым матэрыяле, а вышэй можна паглядзець онлайн відэа.
Пасля таго, як гарадскія ўлады ніякім чынам не адрэагавалі на патрабаванні дэманстрантаў, яны пайшлі ў накірунку рэзідэнцыі прэзідэнта. Але праспект перакрылі некалькі кардонаў паліцыі. Дэманстранты селі на праспекце. Перад пачаткам затрыманняў паліцыя дала час разысціся, але людзі адмовіліся.
Каля 6 раніцы ў аўторак пачаўся жорсткі разгон дэманстрантаў з ужываннем вадамётаў і дубінак. Еuronews паведамляе, што ў медыцынскія ўстановы па дапамогу звярнулася 25 чалавек, у тым ліку, паліцэйскія. Пракуратура распачала крымінальную справу па артыкуле “Хуліганства”, па якім удзельнікам акцыі пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі, перадае Deutsche Welle.
ВВС паведамляе, што дэманстрацыі прайшлі таксама і ў іншых гарадах Арменіі. У Гюмры ўдзельнікі пратэстаў неслі плакаты “Мы не будзем плаціць!” і “Не ― рабаванню!”.
Дзяржаўная камісія па рэгуляванні грамадскіх паслуг Арменіі 17 чэрвеня ўстанавіла новыя тарыфы на электраэнергію. Згодна з рашэннем камісіі, з 1 жніўня плата павышаецца ў сярэднім на 20% да 48,78 драма (каля 1 530 рублёў) за кВт.г. У Беларусі 1 кВт.г. у сярэднім каштуе каля 1 000 рублёў.
Фота: news.am, AFP, REUTERS, photolure