У ЕС хочуць высылаць дадому больш замежнікаў, якія не маюць права на прытулак
У 2022 годзе праз Міжземнае мора ў краіны ЕС прыбылі каля 160 тысяч нелегальных мігрантаў / Reuters
У ЕС шукаюць спосабы, як высылаць дадому больш замежнікаў, якія не маюць права на прытулак у краінах Еўрасаюза, піша Reuters.
Тры гады таму ўсе краіны ЕС пагадзіліся абмежаваць візы для краін, якія не супрацоўнічаюць у вяртанні сваіх грамадзян дадому. Але тады пастанова запрацавала толькі ў дачыненні да Гамбіі — тут людзям перасталі даваць шматразовыя візы ў ЕС, павялічыўся час разгляду дакументаў. Аналагічныя абмежаванні павінны быць уведзеныя і ў дачыненні да Ірака, Пакістана і Бангладэш.
"Стварэнне эфектыўнай і агульнай сістэмы ЕС для вяртання з'яўляецца цэнтральным элементам сістэм міграцыі і прадастаўлення прытулку, якія добра функцыянуюць і заслугоўваюць даверу ", — гаворыцца ў дакуменце, які абмяркоўваюць сёння міністры інтэграцыі краін ЕС. З дакументам азнаёмілася агенцтва Reuters. Міністры інтэграцыі рыхтуюць рэкамендацыі да сустрэчы нацыянальных лідараў ЕС. Гэта сустрэча запланаваная ў Бруселі праз два тыдні. Тэмай стане міграцыя. Мяркуецца, што кіраўнікі дзяржаў Еўрасаюза заклічуць высылаць больш людзей.
Паводле дадзеных ААН, у 2022 годзе Міжземнае мора — асноўны маршрут у Еўропу для людзей з Блізкага Усходу, Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі — перасеклі каля 160 000 чалавек. Акрамя таго, у Еўропе былі зарэгістраваныя амаль 8 мільёнаў украінскіх уцекачоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.