У Еўрапарламенце абмеркавалі пяты пакет санкцый супраць уладаў Беларусі
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза у Беларусі Дзірк Шубель 26 кастрычніка падчас выступлення ў камітэце па замежных справах Еўрапарламента гаварыў пра пяты пакет санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска. Ён будзе засяроджаны на тых, хто арганізоўвае нелегальную міграцыю ў ЕС — і фізічных асобах, і кампаніях, паведамляе dw.com.
Аднак, як кажа Шубель, у пятым пакеце санкцый могуць быць і іншыя меры. Напрыклад, у Бруселі працягваюцца дыскусіі пра магчымыя санкцыі супраць авіякампаніі "Белавія". А яшчэ ёсць прапановы пашырыць санкцыі на ўвесь імпарт калійных угнаенняў. "Усё будзе залежыць і ад дзеянняў беларускіх уладаў, — гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. — ...Калі не будуць вызвалены палітвязні, калі гвалт супраць мірных людзей працягнецца, то магчымы ўсе варыянты".
Дзірк Шубель не стаў падрабязна распавядаць пра планы па пятым пакеце санкцый, паколькі яны традыцыйна трымаюцца ў таямніцы да іх афіцыйнага ўвядзення. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца ўжо ў лістападзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.