У Еўропе больш за ўсіх працуюць іспанцы, менш — нарвежцы
А французы, якім зайздросцяць за 35-гадзінны тыдзень, працуюць больш за немцаў. Колькі перапрацоўваюць беларусы?
Французам, якія паводле заканадаўства мусяць працаваць толькі 35 гадзін у тыдзень, часта зайздросцяць жыхары іншых краін. Але як высвятляе BBC, дарэмна: 35 гадзін працы (7 гадзін у дзень) можа быць міфам, а па факце многія ў Францыі вымушаныя працаваць і па 45, і па 55 гадзін.
“Фактычна, колькасць працоўных гадзін у тыдзень па ўсёй Еўропе падобная. Згодна з Еўрастатам, у 2008-м годзе у сярэднім у Еўразоне працоўны тыдзень складаў крыху менш за 41 гадзіну, у Францыі — крыху менш за 40. Найменшая колькасць гадзін, 39, у Нарвегіі, а максімальная, 43, у Аўстрыі”, — піша BBC.
Цікава, што згодна са статыстыкай, іспанцы, якія нібыта “не любяць працаваць”, напрацоўваюць за год больш, чым немцы.
А ці заседжваюцца на працы беларусы? Старшыня прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч кажа, што перапрацоўкі ў Беларусі існуюць і “развіваюцца”:
“Калі прадпрыемства працуе, напрыклад, трактарны завод, поўны тыдзень з загрузкай, то, безумоўна, людзі выходзяць у суботу і могуць у нядзелю папрацаваць за падвойную аплату. Але праблема: не за ўсю перапрацоўку людзям плацяць грошы”.
У сваю чаргу, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў кажа, што перапрацоўкі залежаць ад загрузкі прадпрыемстваў. Гэта значыць, “калі ёсць неабходнасць, могуць прымусіць працаваць і па 12 гадзін”.
Аляксандр Бухвостаў: “Калі ўзяць загрузкі нашых заводаў цяпер, то ў асноўным, яны не забяспечаныя працай. Людзі прастойваюць, іх пераводзяць на 4-дзённы рэжым, сядзяць па паўзмены. Гэта ўсё выдаткі сённяшняга становішча ў нас на заводах. Так, у нас ёсць пэўныя перапрацоўкі, могуць на гадзіну-дзве затрымаць, але ёсць закон, згодна з якім, мусяць аплачваць звышурочна”.
Падчас размовы з Еўрарадыё Аляксандр Бухвостаў узгадвае і кантрактную сістэму з яе кароткатэрміновымі кантрактамі, што ўводзяць чалавека ў залежнасць. Сёння ты адмовішся папрацаваць дадаткова, а хутка з табой не працягнуць дамову.
У той жа час, калі працадаўца шукае кагосьці на кіруючую пасаду, то перш за ўсё, ён будзе арыентавацца на выкананне нейкіх задач, а не сачыць за графікам, адзначае кіраўнік дэпартамента па падборы персаналу Кансалтынгавай групы “Здесь и сейчас” Вольга Надтачаева. Калі ж казаць пра прадстаўнікоў так званага “пакалення Y”, то іх асабліва не паэксплуатуеш.
Вольга Надтачаева: “У гэтых супрацоўнікаў увогуле стандарт графіка працы ці аддаленая праца з’яўляюцца прыярытэтам. То бок яны не любяць доўга дабірацца да працы, яны не любяць, калі трэба заставацца пасля працы, што ў нейкай ступені і выклікае канфлікт з працадаўцам”.
Варта дадаць, што з 24 ліпеня ўступяць у сілу змены ў Працоўным кодэксе. Згодна з імі, колькасць дапушчальных звышурочных гадзін павялічваецца са 120 да 180, тыднёвы максімум складзе 10 гадзін звыш усталяванага графіка. Пры гэтым, працаваць больш за 12 гадзін у дзень будзе нельга.
Сярэдняя колькасць гадзін, адпрацаваных штатнымі супрацоўнікамі за 2011 год:
Сінгапур: 2287
Паўднёвая Карэя: 2193
Бразілія: 1841
Канада: 1708
Японія: 1706
ЗША: 1704
Іспанія: 1685
Вялікабрытанія: 1650
Францыя: 1476
Нарвегія: 1421
Германія: 1406
Крыніца: Federal Reserve Economic Data