У Гарошкаве прэзэнтавалі цудам ацалелы зборнік Анатоля Сыса

У Гарошкаве прэзэнтавалі цудам ацалелы зборнік Анатоля Сыса

У вёсцы Гарошкаве на Гомельшчыне адбылася прэзентацыя цудам ацалелага паэтычнага зборнік Анатоля Сыса "Берагі майго юнацтва". У кнігу ўвайшлі больш за 160 вершаў, напісаных перадусім у студэнцкія гады, а таксама невядомыя творы пазнейшых часоў. Большасць з іх раней нідзе не друкаваліся.

Прадмову да кнігі "Берагі майго юнацтва" напісаў сябар Анатоля Сыса, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

На свяце паэзіі ў гонар Анатоля Сыса гучалі песні як на яго вершы, так і на словы іншых беларускіх паэтаў у выкананні бардаў Тацяны Грыневіч-Матафонавай, Вольгі Гардзейчык, Сяргея Бурака і Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Галіча, Змітра Бартосіка.

Гучаў і верш у выкананьні самога Анатоля Сыса: на свяце быў прэзентаваны ўнікальны аўдыёдыск, у якім сабраныя галасы шасцідзесяці беларускіх паэтаў.

Мастак Алесь Квяткоўскі падараваў сёстрам паэта, Тамары і Валянціне, напісаны партрэт Анатоля Сыса. Ён выказаў надзею, што неўзабаве іх родная хата ў Гарошкаве стане літаратурным музеем.

Традыцыйнае свята паэзіі штогод ладзілася ў кастрычніку і было прымеркаванае да дня народзінаў Анатоля Сыса. Аднак сёлета яго перанеслі на травень.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі