У Германію праз Беларусь за год трапілі больш за 11 тысяч нелегальных мігрантаў
Кантроль на нямецкай-польскай мяжы / DPA
У Германію сёлета праз Польшчу і Беларусь прыйшлі больш за 11 тысяч нелегальных мігрантаў, паведамляе федэральная паліцыя ФРГ, якая ў тым ліку адказвае за ахову дзяржмяжы.
Усяго было зарэгістравалі 11 213 уцекачоў, якія дабраліся да ФРГ па беларуска-польскім маршруце. У асноўным гэта грамадзяне Ірака, Сірыі і Афганістана.
Пры гэтым самы вялікі паток нелегальных мігрантаў быў зафіксаваны ў кастрычніку. У тым месяцы ў ФРГ прыйшлі 5 294 уцекача, у лістападзе іх было ўжо 2 849. А ў снежні нямецкія праваахоўнікі зарэгістравалі толькі 521 мігранта, які нелегальна трапіў у Германію праз Беларусь і Польшчу.
У апошнія тыдні польскія памежнікі адзначаюць, што колькасць спробаў парушыць беларуска-польскую мяжу стала адчувальна меншай. Тыдзень таму прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы, звязаная з міграцыйным крызісам, стабілізавалася. "Ёсць шанец, што наступіць зацішша", — заявіў ён. На яго думку, пералом адбыўся з-за таго, што большасць "турыстаў" з краін Блізкага Усходу вярнулася дадому.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.