У Германію праз Беларусь заехалі каля 11 тысяч нелегальных мігрантаў
Лагер для ўцекачоў у нямецкім горадзе Брандэнбургу / dw.com
Каля 11 тысяч нелегальных мігрантаў заехалі ў Германію з пачатку года, скарыстаўшыся "беларускім шляхам". Пра гэта паведамляе нямецкая паліцыя. Паводле звестак на 12 снежня было зарэгістравана 10 918 такіх незаконных уездаў.
Паток нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца ў краіну праз Беларусь і Польшчу, у апошні час стаў менш, але нават у лістападзе паліцыя выявіла каля трох тысяч такіх выпадкаў.
У нямецкай паліцыі адзначылі, што пачынаючы са жніўня 2021 на германа-польскай мяжы назіраецца высокі міграцыйны ціск. Для параўнання: у перыяд са студзеня па ліпень на гэтым участку было выяўлена ўсяго 26 асоб, якія незаконна заехалі праз Беларусь, у жніўні іх было ўжо 474, у верасні — 1903, а ў кастрычніку — 5285.
Нямецкія ўлады ў цяперашні час займаюць даволі жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і салідарныя з Польшчай. У ЕС мяркуюць, што Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў для вырашэння палітычных мэтаў — прызнання легітымнасці і зніжэння ціску на яго рэжым у сувязі з парушэннем правоў чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.