У Глыбокім санітарку затрымалі за выяву герба "Пагоня" ў тэлефоне
Улады Беларусі змагаюцца і супраць лозунга "Жыве Беларусь!" / golosameriki.com
Санітарку глыбоцкай лякарні Наталлю Міцько арыштавалі на 12 сутак за захоўванне ў тэлефоне выявы герба "Пагоня", піша viciebskspring.org. Яе справу разглядаў суддзя Аляксандр Аляксеенка яшчэ напрыканцы траўня.
Міцько арыштавалі на 5 сутак за распаўсюд у сацсетках "экстрэмісцкіх" матэрыялаў і на 7 сутак за "пікетаванне ў інтэрнэце". Прычынай такога пакарання стаў факт выяўлення ў тэлефоне санітаркі выявы "… вершніка на кані са шчытом і мячом (Пагоня) на бел-чырвона-белым фоне". Яе заўважылі глыбоцкія міліцыянеры і склалі два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Мабільны тэлефон у жанчыны канфіскавалі.
Рэжым Лукашэнкі актыўна змагаецца супраць бел-чырвона-белай сімволікі, пад якой праходзілі масавыя пратэсты 2020-га, і пра гэта беларусы добра памятаюць. Вясной жыхарку Чашніцкага раёна той жа Віцебскай вобласці аштрафавалі на 1850 рублёў за фота бел‑чырвона-белага торта з гербам "Пагоня".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.