У Гомелі адкрылася выстава “Ave Радзіма” (фота)
Упершыню маштабная калекцыя партрэтнага жывапісу Гаўрылы Вашчанкі дэманструецца ў горадзе.
Выстава партрэтнага жывапісу Гаўрылы Вашчанкі “Ave Радзіма” адкрылася 25 чэрвеня ў гомелькай галерэі, якая носіць імя мастака. Там прадстаўлена звыш 80 работ творцы, большасць з якіх раней у Гомелі не дэманстравалася. Сярод іх — аўтапартрэты, партрэты сваякоў і блізкіх мастаку людзей, а таксама вядомых асобаў у гісторыі Беларусі і дзеячоў культуры краіны: Уладзіміра Мулявіна, Кірылы Тураўскага, Уладзіміра Караткевіча ды іншых.
Выстава прымеркавана да 87-годдзя з дня нараджэння Гаўрылы Вашчанкі. Калекцыю работ для яе перадала сям’я мастака. Яго сын Канстанцін Вашчанка паведаміў, што пасля закрыцця выставы галерэі будзе перададзены адзін з аўтапартрэтаў мастака, а таксама яго бюст, выкананы скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым.