У Гомелі адкрылі скульптурную кампазіцыю "100 гадоў беларускай міліцыі"

У Гомелі адкрылі скульптурную кампазіцыю "100 гадоў беларускай міліцыі"

На скрыжаванні Прывакзальнай плошчы і вуліцы Прывакзальнай у Гомелі сння ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю "100 гадоў беларускай міліцыі", інфармуе БЕЛТА.

У цэнтры кампазіцыі — старшы лейтэнант міліцыі ў форме 50-х гадоў ХХ стагоддзя. На яго кіцелі — ордэн Чырвонай Зоркі, медалі "За адвагу" і "За баявыя заслугі", а атксама нашыўкі за раненне. Міліцыянт рэгулюе вулічны рух, трымаючы ў правай руцэ жазло, а ў левай — свісток. Побач з ім стаіць матацыкл М-72, які выпускаўся з 1941 па 1960 год толькі для вайсковых патрэбаў і знаходзіўся на ўзбраенні міліцыі. Вышыня бронзавай скульптуры — больш за 2 м.

Адкрылі памятны знак намеснік міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Кобрусеў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік і начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Захарчук. Урачыстае адкрыццё прымеркавалі да Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Беларусі, які адзначаецца 10 лістапада.

Начальнік гомельскай абласной міліцыі Уладзімір Захарчук заявіў, што помнік сімвалізуе мужнасць, адвагу, гонар і нагадвае пра подзвіг людзей, якія працавалі на карысць радзімы ў складаны перыяд — ваенныя і пасляваенныя гады.

Скульптар Валерый Кандраценка прызнаўся, што найбольш складана было ствараць матацыкл. "На шчасце, удалося знайсці сапраўдны матацыкл. Мадэль М-72-Н1 1958 года выпуску прадаставіў рэстаўратар рэтратранспарту Аляксандр Шамкін. Калекцыйны матацыкл некалькі месяцаў "пазіраваў" у мяне ў майстэрні", — распавёў творца.

Як вядома, на пачатку года помнік да стагоддзя беларускай міліцыі адкрылі і ў Мінску. Ён, праўда, паказвае царскага гарадавога, якога акурат пры стварэнні міліцыі ў 1917 годзе "адмянілі". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі