У Гомелі чыноўнікі забаранілі Rovar fest (дакумент)
Гомельскія чыноўнікі не дазволілі праводзіць Ровар-фэст, які планаваўся на 13-14 жніўня на тэрыторыі загараднага клуба адпачынку “Надзея”. Як піша nashkraj.info, на фэсце рыхтаваліся цікавыя конкурсы для раварыстаў і не толькі, музыка ад дыджэяў, фудкорт і цікавыя забавы. Арганізатары нават рыхтавалі адмысловы велапрабег ад гіпермаркета “Гіпа” да месца правядзення свята.
Аднак чыноўнікі вырашылі, што заяўка пададзеная з парушэннем закону, і адмовілі ў дазволе на свята. Арганізатары ў сваю чаргу заяўляюць, што ўсе дакументы на фэст яны падавалі своечасова і па формах, пададзеных чыноўнікамі.
Таксама арганізатары паведамляюць, што пасля адмовы ў правядзенні фэста ім затэлефанавала жанчына і паведаміла, што абскарджваць рашэнне няма сэнсу. Яна нібыта заявіла, што фэст не дазволяць, бо яго няма ў сетцы мерапрыемстваў выканкама. Пазней яна дадала, што да парламенцкіх выбараў увогуле любая агітацыя забаронена.