У Гомелі мужчына прадстаўляўся майстрам і збіраў грошы з людзей “за ваду”
У Гомелі мужчына прадстаўляўся майстрам і збіраў грошы з людзей “за ваду”. Праваахоўнікам вядома пра 50 такіх выпадкаў, пацярпелі ў асноўным пенсіянеры. Як піша газета “СБ. Беларусь сегодня”, 31-гадовы мясцовы жыхар раней працаваў у фірме, якая абслугоўвае сістэмы фільтрацыі вады. Калі мужчына звальняўся, ён скапіяваў сабе базу дадзеных пра кліентаў і вырашыў ёй скарыстацца. Зламыснік прыходзіў да кліентаў фірмы і прадстаўляўся майстрам, якога яна, нібыта, прыслала для “планавага агляду”. Ён ствараў бачнасць працы, пасля чаго браў за яе грошы — ад 25 да 40 рублёў.
Праз нейкі час пра “майстра” даведалася фірма, якая звярнулася да праваахоўнікаў. Зламысніка затрымалі, ён знаходзіцца пад вартай. У адносінах мужчыны распачалі крымінальную справу па факце махлярства, прычым здзейсненага паўторна. Яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.