У Гомелі ў першы беларускамоўны клас гімназіі набралі 20 вучняў
У Гомелі ў першы беларускамоўны клас гімназіі №36 імя Івана Мележа набралі 20 вучняў. Як паведамляе Радыё Свабода, раней у гімназію таксама набіралі першы клас з беларускай мовай навучання і цяпер гэтыя дзеці працягнуць навучанне па-беларуску і ў другім класе. Адміністрацыя навучальнай установы кажа, што неўзабаве будзе вырашаць пытанне з вяртаннем да практыкі беларускамоўнага навучання пасля пачатковай школы — у 5-11 класах.
Заявы ў мележеўскую гімназію могуць падаваць бацькі з усіх раёнаў Гомеля — гэта цяпер адзіная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе, у якой можна вучыцца па-беларуску.
Аднак не ўсе бацькі, зацікаўленыя ў такой адукацыі, згодныя вазіць сваіх дзяцей у гімназію здалёк і наракаюць, што ў іх раёнах няда беларускамоўных школ.
Напрыканцы мінулага навучальнага года ў Гомельскай вобласці налічвалася 537 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку беларускамоўных — 239. Усяго ў школах вобласці навучалася 150 тысяч дзяцей, з якіх толькі 18,3 тысячы — па-беларуску.