У Гомелі знайшлі мужчыну, які разбагацеў на старых злотых
Нечаканую развязку атрымала гісторыя з абменам старых польскіх злотых у Гомелі. Як паведамляла Еўрарадыё, у жніўні ў адным з гомельскіх абменнікаў мужчына памяняў 6500 польскіх злотых. Касірка выдала яму 3185 беларускіх рублёў. Толькі пасля сыходу мужчыны выявілася, што грошы выйшлі з абарачэння ў 1995 годзе.
Як піша onliner.by, на днях мужчыну знайшлі, і яго расповед расчуліў міліцыянтаў.
49-гадовы вартаўнік, які мае інваліднасць па зроку, у старых сшытках нечакана знайшоў савецкія рублі, украінскія купоны і тры польскія купюры. Пра рублі і купоны вартаўнік ілюзій не меў. А злотыя, што засталіся з 90-х, мужчына на ўсялякі выпадак сунуў у кішэню.
Праз некалькі дзён мужчына пайшоў у краму. Купіўшы прадукты па спісе, ён наткнуўся на польскія купюры і вырашыў спраўдзіць у бліжэйшым банку. Калі ён падаў купюры ў акенца абменніка, супарцоўніца банка спыталася, ці ўсё ён будзе мяняць. Пасля гэтага яна выдала яму вялікую суму ў рублях.
На нечаканае багацце гамяльчук аплаціў камунальныя пазыкі і вярнуў пазыкі суседзям. Потым ён упіў 100 фунтаў стэрлінгаў для цешчы, даў грошай дачцэ. Сям'я набыла сабе канапу і пакарыстаны халадзільнік. Мужчына пазней распавёў міліцыі, што грошы не лічыў, частаваў сяброў самым дарагім алкаголем.
А калі грошы сталі набліжацца да канца, вартаўнік пайшоў і закадаваўся ад п'янства.
Калі міліцыя знайшла мужчыну, ён быў шчыра здзіўлены. Кажа, што даверыўся банку, які прыняў яго грошы. Да сваёй знаходкі ён злотыя ніколі не бачыў і, маўляў, не ведае, калі ў Польшчы была дэнамінацыя.
Крымінальную справу на гамельчука заводзіць няма падставаў: зламысных намераў ён не меў. Але банк будзе дамагацца вяртання грошай.