У Гомельскім раёне дзяўчынка ратавалася ад статка кароў і патанула
У Гомельскім раёне дзяўчынка ратавалася ад статка кароў і патанула. Трагічнае здарэнне адбылося ў сярэдзіне дня 27 чэрвеня ў вёсцы Бальшавік. Як піша "Гомельская праўда", дзве школьніцы гулялі на беразе возера. Насустрач мясцовая жыхарка гнала статак з трох быкоў і пяці кароў. Раптам быкі пачалі бойку паміж сабой. Дзяўчынкі спалохаліся і кінуліся ў ваду.
Адну школьніцу выцягнуў на бераг адзін з відавочцаў. Калі яна прыйшла ў свядомасць, сказала, што была не адна. На дне вадаёма падлеткі знайшлі цела другой дзяўчынкі (2005 года нараджэння), спрабавалі аказаць ёй першую меддапамогу, але выратаваць яе не ўдалося, распавёў вядучы спецыяліст абласной арганізацыі таварыства ратавання на водах Сяргей Касцючэнка.
На месцы здарэння працавалі следчыя УСК па Гомельскай вобласці.