У Гомельскім раёне школьнік прынёс дадому снарад часоў вайны
У вёсцы Прыбор Гомельскага раёна 11-гадовы школьнік прынёс дадому артылерыйскі снарад часоў Другой сусветнай вайны. Паводле яго слоў, боепрыпас ляжаў у меліярацыйнай канаве каля вёскі. На шчасце, бацькі заўважылі снарад, аднеслі яго далей ад дома і выклікалі аператыўныя службы, інфармуе БелаПАН.
У вёску прыехала група размініравання, якая забрала снарад для яго ліквідацыі.
Гэтае здарэнне адбылося пасля нядаўняга трагічнага выпадку ў Бярэзінскім раёне. Трое хлопчыкаў на ўзараным полі знайшлі снарад часоў Другой сусветнай вайны і кідалі яго на камень. У выніку выбуху двое загінулі, адзін атрымаў раненні.