У Гомельскім раёне знішчылі 73 тысячы свіней. Але не, не з-за чумы

Фота: u-news24.com
Фота: u-news24.com

З 10 красавіка "Рассельгаснагляд" уводзіць забарону на пастаўкі свініны з Беларусі. Расійскія ветэрынары знайшлі геном афрыканскай чумы свіней у сасісках "Кракаўскія" і каўбасе варанай "Часночная смак" Гомельскага мясакамбіната.

Прадпрыемства гэтую інфармацыю не прызнае. У інтэрв'ю Еўрарадыё галоўны санітарны ўрач камбіната Аксана Хіжынская кажа, што расійскія ветэрынары памыляюцца. А самі расійскія ветэрынары пакуль што адмаўляюцца даць выразныя каментарыі пра тое, дзе і што знайшлі.

Але глядзіце: у лютым 2018 года ў Гомельскім раёне знішчаюць... 73 тысячы свіней. Гэта больш за палову пагалоўя — на 1 лютага, па дадзеных Белстата, на фермах раёна было каля 121 тысячы свіней. Вядома ж, не, гэта не з-за афрыканскай чумы свіней.

Пры гэтым Гомельскі раён — адзіны раён у вобласці, дзе назіраецца такая дынаміка. У іншых раёнах (за выключэннем Калінкавіцкага) пагалоўе свіней расло або было стабільным.

Мы ведаем, дзе Рассельгаснагляд знойдзе афрыканскую чуму свіней у наступны раз.

Падобная сітуацыя з пагалоўем свіней склалася ў некаторых раёнах Брэсцкай вобласці — на гэтыя дадзеныя звярнуў увагу аналітык Дзмітрый Івановіч. Калі верыць статыстыцы, у гаспадарках Баранавіцкага і Драгічынскага раёнаў былі вынішчаныя ў прынцыпе ўсе свінні.

 Аднак у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ёсць тлумачэнне, не звязанае з афрыканскай чумой свіней.

"Наўрад ці цяпер можна ўявіць, што па сталіцы будуць ездзіць гарбатыя "Жыгулі" і "Масквічы" старых мадэляў, — супакойвае вас намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Іван Царык. — Комплексам, у якіх масава забіваюць свіней, па 35-40 гадоў. Гной, выпарэнні з жывёл — толькі ўявіце, што там робіцца ўнутры! Дахі абвальваюцца, сцены падаюць. Абсталяванне згніло так, што там ужо сабекошт вытворчасці свініны выходзіць у мінус".

Паводле слоў Івана Царыка, пад нож ідуць толькі тыя свінні, якія ў любым выпадку ідуць на мясаперапрацоўку:

"Звычайна свінаматку адпраўляюць нараджаць парасят паўторна, але, калі выйсця няма, даводзіцца адразу здаваць яе на мясакамбінат. Парасят ніхто не б'е. Маладняк дагадоўваць да кандыцыйнай вагі — прыкладна сто кілаграмаў, і толькі пасля гэтага адпраўляюць на мясаперапрацоўку. Дагадоўваюць тут жа, на комплексах па вытворчасці свініны".

 

Свіней знішчылі, але свінафермы не зачынілі

У Мінгасхарчы палічылі, што мадэрнізацыя свінаферм у Баранавіцкім і Драгічынскім раёнах сябе не акупіць. Менавіта гэтым (а не афрыканскай чумой свіней) тлумачыцца той факт, што за паўгода ў гэтых раёнах было знішчана амаль сто тысяч свіней — усе, што былі. Значыць, прадпрыемствы ўжо не працуюць? Але дзе, у такім выпадку, цяпер супрацоўнікі закрытых свінаферм?

"Наш комплекс вельмі-вельмі стары, але, тым не менш, працы пакуль хапае. Ніякіх масавых скарачэнняў не было, усе людзі, нібыта, на месцы", — запэўніваюць у Баранавічах.

Іван Царык таксама ўпэўнены, што без працы ніхто не застанецца: "Ды вы што! Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, перш, чым зачыняць падобныя гаспадаркі, трэба пераканацца, што людзі працаўладкаваныя. Таму пытанні прапрацоўваюцца першапачаткова. Праводзяцца нарады, запрашаюцца кіраўнікі розных гарадскіх прадпрыемстваў — як прыватных, так і дзяржаўных. Людзям прапануюць варыянты працы. Некаторыя застаюцца на месцы, займаецца рамонтам комплексу. Заўтра туды паставяць быкоў — будуць абслугоўваць іх. З бычкамі ў такіх умовах можна яшчэ гадоў пятнаццаць прапрацаваць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі