У Гродне затрымалі трох удзельнікаў акцыі памяці зніклых палітыкаў (фота)
У пятніцу, 16 верасня, у Гродне затрымалі трох удзельнікаў акцыі памяці зніклых палітыкаў. Яна прайшла на пешаходнай Савецкай вуліцы. Трое актывістаў трымалі аркуш паперы з партрэтамі зніклых у 1999-2000 гадах Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага, а таксама памерлага пры нявысветленых абставінах Генадзя Карпенкі.
Несанкцыянаваная акцыя працягвалася толькі некалькі хвілін. Затрыманне праводзілі праваахоўнікі ў цывільным (іх было каля дзясятка). Адзін з іх паказаў актывістам пасведчанне.
Падчас затрымання ўдзельнікі пікета не супраціўляліся. Адзін з іх, Анатоль Мышкевіч, нават паказаў сілавікам чыстыя рукі, маўляў, нічога супрацьзаконнага няма, акцыя мірная. Іншы актывіст, Сяргей Верамеенка, спрабаваў прымацаваць партрэты да ліхтарнага слупа, перад тым як сесці ў мікрааўтобус праваахоўнікаў, але аркуш быў сарваны ўсё тым жа афіцэрам у цывільным. Прозвішча трэцяга затрыманага пакуль не вядомае.
Для складання пратаколаў пратэстоўцаў павезлі ў Ленінскі РАУС.