У Кадырава выявілі некроз падстраўнікавай залозы — "Новая газета. Европа"

Рамзан Кадыраў

Рамзан Кадыраў / ria.ru

Кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву яшчэ ў 2019 годзе паставілі дыягназ "некроз падстраўнікавай залозы". Праз гэта ён стаў часта браць адпачынак у сувязі з "часовай непрацаздольнасцю" і прапускаць важныя грамадскія мерапрыемствы. Пра гэта піша выданне "Новая газета. Европа", спасылаючыся на крыніцы ў Цэнтральнай клінічнай лякарні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Расіі і ўпраўленні ФСБ Чачэнскай Рэспублікі.

Крызіс здарыўся ў верасні 2023 года: Кадырава шпіталізавалі з вострай лёгачнай недастатковасцю. Перад гэтым, як піша "Новая газета Европа", у кіраўніка Чачні была перадазіроўка транквілізатара "Дормікум", якім ён карыстаўся супраць моцных боляў, бессані і павышанай трывожнасці.

Асабліва яго блізкіх устурбавалі даныя МРТ мозгу Кадырава. Чалавек, блізкі да чачэнскага сілавіка і дэпутата Дзярждумы РФ Адама Дэлімханава, так апісаў журналістам рэакцыю кадыраўскага атачэння: "Ранейшага лідара ўжо не будзе, [новая] хвароба будзе сур'ёзна ўплываць. Нават калі ён цяпер і акрыяе, ён будзе ўжо ні жывым, ні мёртвым".

Пасля гэтага піяршчыкі Кадырава пачалі магутную піяр-кампанію, каб збіць фокус грамадскай увагі з тэмы ягонага здароўя. Задзейнічаныя ў ёй былі топавыя расійскія палітыкі, у тым ліку Пуцін: летась ён бачыўся з кіраўніком Чачні чатыры разы.

Менавіта федэральныя піяршчыкі параілі Кадыраву апублікаваць відэа таго, як ягоны сын збівае арыштаванага Мікіту Журавеля, піша "Новая газета. Европа". Пасля гэтага адміністрацыя Пуціна запусціла тэму з разнастайнымі ўзнагароджаннямі сына Кадырава, каб канчаткова адцягнуць увагу ад здароўя Кадырава-бацькі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі