У Кіеў сцягваюцца ўнутраныя войскі
Гэткім чынам украінскія ўлады спадзяюцца забяспечыць парадак пры масавых мерапрыемствах.
Пра гэта заявіў кіраўнік крымскага ўпраўлення камандавання войскамі Мікалай Балан, перадае РБК са спасылкай на ўкраінскія СМІ.
Пры гэтым адзначаецца, што вайскоўцы не будуць браць удзел ні ў якіх разгонах, а будуць выкарыстоўвацца ў якасці "жывога шчыта".
На Майдане Незалежнасці ў цэнтры Кіева працягваюць заставацца каля 7 тысяч актывістаў. На плошчы ўсталяваныя каля 40 намётаў.
Тым часам прадстаўнікі ўладнай "Партыі рэгіёнаў" адкрыта вінавацяць апазіцыянераў у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Лідар "Бацькаўшчыны" Арсень Яцэнюк не хавае, што галоўнай мэтай вулічных выступаў з'яўляецца правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Аднак ён падкрэслівае, што дасягнуць гэтага плануецца мірным шляхам.
Нагадаем, што ў аўторак апазіцыянеры ў Вярхоўнай Радзе не змаглі абвясціць вотум недаверу ўраду Мікалая Азарава: дэпутаты ад "Партыі рэгіёнаў" масава праігнаравалі галасаванне.
Мітынгоўцы каля Кабінета міністраў Украіны.
Пратэстоўцы каля Вярхоўнай Рады.