У Курапатах затрымалі Паўла Севярынца і Дзяніса Урбановіча
У Курапатах, дзе зносяць крыжы, затрымалі Паўла Севярынца і Дзяніса Урбановіча, якія пратэставалі супраць дзеянняў камунальнікаў і міліцыі.
Як перадае з месца падзеяў журналіст Еўрарадыё, крыжы зносяць па перыметры Курапатаў, яны засталіся стаяь толькі з боку МКАД. Урочышча ачэпленае супрацоўнікамі АМАП, у яго нікога не прапускаюць. Па самім урочышчы ходзяць камунальнікі — не выключана, што там таксама будуць весціся нейкія работы.
Нагадаем, што 1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка выказаў незадавальненне крыжамі вакол Курапатаў, бачнымі з дарогі.