У Лепелі гарэў рэчавы рынак, пацярпелі гандлёвыя павільёны
Фота: mchs.gov.by
Раніцай 14 жніўня ў Лепелі загарэўся рэчавы рынак ІП "Матроша". Пажарныя прыбылі на месца ўзгарання праз тры хвіліны пасля выкліку. Яны ўбачылі, як адкрытым агнём гараць драўляныя і абабітыя металам павільёны з шыфернымі дахамі, размешчаныя ў першым гандлёвым шэрагу.
На момант узнікнення пажару наведвальнікаў на рынку не было, бо па панядзелках ён не працуе. Таму эвакуацыя не праводзілася. Узгаранне было лакалізавана на працягу паўгадзіны.
У выніку пажару ў 11 павільёнах пашкоджаныя дахі (249 квадратных метраў), унутраная ашалёўка сцен, гандлёвае абсталяванне, маёмасць. Дах кацельні згарэў цалкам.
Прычына пажару высвятляецца. Ратавальнікі разглядаюць дзве версіі, не звязаныя з крыміналам: парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання і парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых апаратаў і прыладаў.