У Літве хочуць пазбаўляць ВНЖ беларусаў, якія часта ездзяць на радзіму
Вильнюс
Беларусы і расіяне могуць пазбавіцца віду на жыхарства ў Літве, калі яны ездзяць на радзіму больш за адзін раз на месяц. Гэта прадугледжана папраўкамі ў Закон аб увядзенні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. Законапраект ужо ўнесены ў Сейм.
Аўтары законапраекта асцерагаюцца, што беларусы, якія часта ездзяць дадому да сваякоў і на святы, "могуць быць завербаваныя, іх могуць папрасіць выконваць пэўныя выведвальныя функцыі і гэтак далей".
"Каб кантраляваць рызыкі, звязаныя з частым вяртаннем беларусаў, якія маюць дазвол на часовае пражыванне ў Літве, было б мэтазгодна скасаваць дазвол, выдадзены грамадзянам Беларусі на часовае пражыванне ў Літве, калі яны ездзяць у Беларусь больш за адзін раз на месяц цягам апошніх 12 месяцаў", — гаворыцца ў прэамбуле дакумента. Такая абмежавальная мера павінна прымяняцца і да грамадзян Расіі.
ВНЖ таксама прапануюць ануляваць у выпадку, калі беларусы і расіяне "публічна ўхвалілі злачынства агрэсіі" або "наўмысна, публічна сістэматычна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам грамадства або дзяржавы".
Дададзім, што ў 2022 годзе дазвол на часовае пражыванне ў Літве атрымала 31 тысяча беларусаў, яшчэ каля 23 тысяч — у 2023-м. Усяго ў Літву прыехала і атрымала дазвол на часовае пражыванне за гэтыя некалькі гадоў каля 62 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.