У Літве расказалі пра прапускныя магчымасці закрытых пунктаў пропуску

Пункт пропуску "Лоша (Шумскас)" / @gpkgovby

Пункт пропуску "Лоша (Шумскас)" / @gpkgovby

Пункты пропуску "Шумскас" і "Твярачус" на беларуска-літоўскай мяжы штодня выкарыстоўвалі для праезду больш чым 2000 чалавек. Такія звесткі публікуе агенцтва Delfi са спасылкай на кіраўніка літоўскай памежнай службы Рустама Любаева. З яго слоў, праз пункт "Твярачус" у дзень у сярэднім праязджала каля 600 чалавек. Па трыста ў адзін і другі бакі. За першыя шэсць месяцаў гэтага года праз гэты пункт праехала амаль 118 тысяч чалавек. Прапускная здольнасць "Шумскаса" была крыху вышэйшай. Праз яго ў дзень праходзіла каля 1600 чалавек.

З 18 жніўня абодва гэтыя пункты закрытыя. Такое рашэнне напярэдадні прыняў урад Літвы. З беларускага боку, адпаведна, нельга будзе трапіць у Літву праз пункты пропуску "Відзы" і "Лоша". Па-ранейшаму працуюць чатыры пункты пропуску: "Лаварышкес (Катлоўка)", "Мядзінінкай (Каменны Лог)", "Шальчынінкай (Беняконі)", "Райгардас (Прывалка)".

А 28 жніўня, нагадаем, на сустрэчы ў Варшаве прадстаўнікі Польшчы, Літвы і Латвіі маюць намер абмеркаваць магчымасць поўнага закрыцця ўсіх памежных пунктаў з Беларуссю. Суседнія краіны ў цяперашні час умацоўваюць мяжу з нашай краінай. Прычыны: міграцыйны крызіс, які працягваецца, і патэнцыйная небяспека, якую ствараюць баевікі ПВК "Вагнер".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі