У Літве зноў гучаць прапановы пазбаўляць ВНЖ беларусаў, якія часта ездзяць дамоў

Вакзал у Вільні

Вакзал у Вільні / wikipedia.org

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы выступіў з прапановай дазваляць беларускім грамадзянам, якія маюць від на жыхарства ў Літве, вяртацца ў Беларусь толькі ў выключных выпадках. Пра гэта піша рэсурс lrt.lt. Што гэта за выпадкі, у ДДБ не ўдакладнілі. Аднак калі беларусы не будуць выконваць гэтыя абмежаванні, у Дэпартаменце прапануюць ануляваць іх від на жыхарства. 

Паводле звестак ДДБ, большасць беларусаў, якія прыбываюць у Літву, — гэта эканамічныя мігранты. Падчас паездак у Беларусь яны робяцца мішэнню для беларускіх спецслужбаў.

"У ДДБ працуюць практыкі — яны ведаюць магчымасці службаў, бачаць вялікія лічбы і, мабыць, робяць прапанову з улікам рэалій", — мяркуе дэпутат Сейма кансерватар Аўдронюс Ажубаліс. Ён адзін з прыхільнікаў увядзення абмежаванняў на выезд у РБ для беларусаў.

У Офісе Святланы Ціханоўскай ужо заявілі, што прапанова Дэпартамента бяспекі — гэта неапраўданае пакаранне для людзей, якія ездзяць на радзіму наведаць сяброў і сваякоў. Папраўкі ў Закон аб увядзенні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, сярод якіх ёсць і прапанова абмежаваць выезд беларусам у РБ, цяпер трапілі на абмеркаванне ў Сейм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі