У Літву з Беларусі ўязджалі агенты КДБ і завербаваныя сілавікамі беларусы — ДДБ
Дарус Яўнішкіс / delfi.lt/
У Літву з Беларусі ўязджалі не толькі тыя, каго пераследавалі ўлады, але і агенты КДБ, а таксама людзі, завербаваныя беларускімі сілавікамі. Пра гэта ў інтэрв'ю delfi.lt расказаў кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс.
"Мы разумеем, што сярод беларусаў ёсць і прадстаўнікі апазіцыі, тыя, хто змагаецца за лепшую Беларусь. Але ў нас ёсць нямала фактаў, што часам прыязджаюць людзі, завербаваныя беларускім КДБ. Іх не адзін, не два, не тры. Мы павінны зразумець, што ў людзей часам няма выбару... Тое ж самае і з грамадзянамі Расіі", — перасцярог кіраўнік літоўскай спецслужбы.
Таксама ён папярэдзіў літоўцаў, што прыязджаь у Беларусь небяспечна, бо іх могуць завербаваць спецслужбы. Такія выпадкі, па словах Яўнішкіса, ужо былі: "Беларускі КДБ працуе вельмі інтэнсіўна, як і расійскі ў сябе... У нас ёсць факты вербавання людзей. Іх запытваюць, напрыклад, пра палітычную сітуацыю ў Літве, пра іх працу, адукацыю, хто яны".
Ён кажа, што беларускія сілавікі могуць вербаваць шляхам шантажу — напрыклад, зладзіць бойку ці ДТЗ: "Падсоўваюць табе мадэль злачынства і потым абвінавачваюць, кажуць: калі хочаш вярнуцца дадому, а не сядзець у турме 10 гадоў, павінен супрацоўнічаць".
На думку Яўнішкіса, для варожых спецслужбаў можа быць цікавы кожны чалавек, бо ўсе валодаюць нейкай інфармацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.