У лівійскім палоне застаецца адзін беларус
Жыхар Севастопаля Сяргей Бычкоў, вызвалены з лівійскага палону, расказаў Еўрарадыё пра лёс беларусаў, зняволеных пасля падзення рэжыму Кадафі.
Восенню 2011 года ў Лівіі паланілі больш за два дзясяткі беларусаў, украінцаў і расіян. Тады ў гэтай арабскай краіне адбылася гвалтоўная змена ўлады, Муамара Кадафі забілі, а некаторыя замежнікі не змаглі своечасова эвакуявацца.
У жніўні 2014 года большасць вязняў была вызваленая. Аднак не ўсе, распавядае Еўрарадыё вызвалены з палону жыхар Севастопаля Сяргей Бычкоў.
Бычкоў: “Аднак там засталося пяць чалавек. З іх адзін беларус. Атрымалася так, што калі мы ўцякалі, то ўцякалі ў розныя бакі на розных машынах. Яны трапілі ў рукі іншай групоўкі — місуратаўцаў. Лёс у іх склаўся па-іншаму".
Чалавек, які застаўся ў палоне, гэта Вячаслаў Качура. З’яўлялася інфармацыя, што ён перамяшчаўся на машыне, у якой знайшлі зброю. Гэта моцна ўскладніла сітуацыю.
Паводле версіі палонных, яны абслугоўвалі нафтаперапрацоўчую тэхніку. Праўда, многія з іх з’яўляліся былымі кадравымі вайскоўцамі. Знайсці вызваленых з палону беларусаў, каб з імі паразмаўляць, аказалася няпроста.
“Людзі яны нармальныя. Але, па-першае, нам раілі рот там моцна не раскрываць. Больш маўчаць. Дый людзі вашыя і так не надта камунікатыўныя, — працягвае Сяргей Бычкоў. — На публіку яны не паказваюцца, трошкі самі ў сабе. Нават пры сяброўскіх зносінах з іх складана выцягнуць нейкія падрабязнасці”.
На фота з сацыяльных сетак — Вячаслаў Качура