У маці Дзмітрыя Завадскага пагаршаецца здароўе
Вольга Завадская / Svaboda.org
Здароўе Вольгі Завадскай, маці зніклага ў 2000 годзе аператара Дзмітрыя Завадскага, пагаршаецца. У яе некалькі цяжкіх дыягназаў, нагадвае"Народная воля". Ужо сем гадоў Вольга Рыгораўна змагаецца з анкалогіяй. Яна прайшла дзясяткі сеансаў хіміятэрапіі, апрамяненне. Два гады таму сям'я вырашыла адмовіцца ад хіміятэрапіі.
"Розныя схемы тэрапіі ёй прызначалі — нешта дапамагло, ад нечага горш стала", — тлумачыць муж Вольгі Рыгораўны Сяргей. Ужо два гады таму Вольга Завадзкая казала, што стала ляжачай хворай. Тады перамяшчацца ёй дапамагаў муж. Але цяпер яна не можа хадзіць нават пры дапамозе хадункоў. Акрамя таго, ёй стала складана размаўляць.
"Вольга Рыгораўна наогул не ходзіць, увесь час ляжыць, але для прыёму ежы я, вядома, стараюся яе пасадзіць. Трохі горш бачыць стала...", — расказвае муж. Па яго словах, Вольгу Рыгораўну паставілі на ўлік у хоспіс. Але сям'я пакуль гэты варыянт нават не разглядае. Пакуль здымаць боль атрымліваецца таблеткамі.
Руху па справе аб знікненні яе сына Дзмітрыя па-ранейшаму няма. Раней былі адпіскі, "а цяпер наогул нічога, быццам забыліся ўсе", кажа Сяргей.
Дзмітрый Завадзкі знік у ліпені 2000 года па дарозе ў аэрапорт, куды ехаў сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Праз два гады Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў двум былым афіцэрам МУС — Валерыю Ігнатовічу і Дзмітрыю Маліку — па 10 гадоў пазбаўлення волі за выкраданне Дзмітрыя Завадскага. Забойства на судзе даказана не было. Малік і Ігнатовіч не прызналі сваю віну ў выкраданні Завадскага. Паводле звестак Шарамета, за забойствам Завадскага стаіць так званы "Эскадрон смерці" — групоўка, якая з ведама беларускіх уладаў знішчала апазіцыйных палітыкаў (Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага). На думку Шарамета, злачынцаў трэба было шукаць у асяроддзі былога камандзіра САХР палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.