У Магілёве пачынаюць судзіць мужчыну, які адбіваўся нажом ад ГУБАЗіКа

Аляксандр Кандрычын / Кадр з відэа
У Магілёве 11 лютага пачынаюць судзіць мужчыну, які адбіваўся нажом ад ГУБАЗіКа. Працэс у абласным судзе будзе закрыты (прызначаны суддзя Васіль Галкоўскі). 62-гадовы Аляксандр Кандрычын абвінавачваецца паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў "замаху на забойства".
"Вясна" ўдакладняе, што судзіць магілёўца будуць як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне". Гэта значыць, што яму не пагражае крымінальнае пакаранне — да яго будуць прымяняць прымусовыя меры бяспекі і лячэння.
Здарэнне ў Магілёве адбылося 23 верасня 2024 года. Два супрацоўнікі ГУБАЗіК у цывільным нібыта хацелі правесці на вуліцы "прафілактычную гутарку" з "датычным да экстрэмісцкай дзейнасці" мясцовым жыхаром, але мужчына аказаў супраціўленне. Сілавікоў завезлі ў бальніцу, а магілёўца ў выніку затрымалі. Акрамя нажоў, у Кандрычына знайшлі "малакаліберны пісталет з 46 патронамі да яго" (сам мужчына пасля затрымання назваў яго "самаробным"). Падчас ператрусу па месцы жыхарства затрыманага выявілі патроны, халодную зброю, дапаможнік па вырабе выбуховых рэчываў, "экстрэмісцкую літаратуру" і кнігі па псіхалогіі.
Аляксандр Кандрычын ад дачы паказанняў адмовіўся. Таму губазікаўцы распытвалі пра яго палітычныя погляды і адносіны да цяперашняй улады затрыманага сябра. "Негатыўныя", — коратка адказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.