Вянок для "Гарадавога": анархістаў асудзілі за акцыю ля мінскай статуі

Вянок для "Гарадавога": анархістаў асудзілі за акцыю ля мінскай статуі

16.23. Касінерава і Спарыша аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых велічыняў) кожнага. 

***

15.43. Касінераў не аспрэчвае, што менавіта ён ускладаў вянок, таму суддзя прапанавала не апытваць сведку, абвінавачаны пагадзіўся.

У судзе абвешчаны перапынак: суддзя сышла з залы, каб прыняць рашэнне.

***

15.34. Суддзя зачытала матэрыялы справы. Цяпер удзельнікі працэсу праглядаюць запіс, як Касінераў і Спарыш ускладалі вянок статуі Гарадавога.

***

15.25. Пасля перапынку Касінераў сказаў, што не прызнае віну, а ў матэрыялах справы “напісана нейкая хлусня”.

“На жаль, гэта быў проста чарговы перфоманс з гэтай скульптурнай кампазіцыяй. Менавіта на гэтым месцы МУС пахавала свой імідж у сувязі з падзеямі, якія адбываліся апошнім часам”, - кажа Вячаслаў Касінераў.

Касінераў кажа, што не дакранаўся да статуі, якую лічыць “гістарычнай тупасцю”, а проста паставіў пахавальны вянок. Менавіта праз гэта ен не лічыць сябе вінаватым.

“Нікога я пакрыўдзіць ці зняважыць не хацеў, гэта проста мае меркаванне”, — заяўляе ён.

***

У Маскоўскім судзе Мінска пачаўся адміністрацыйны працэс за ўскладанне пахавальнага вянка каля статуі Гарадавога. 

Як паведамляла Еўрарадыё, 2 снежня група актывістаў усклала каля скандальна вядомай статуі вянок з надпісам "Іміджу МУС". Удзельнікаў перформансу затрымалі. Гэта Сяргей Спарыш, Вячаслаў Касінераў з жонкай Марынай, Сяргей Неўдах, а таксама грамадзяне Расіі Наталля Чацверыа ды Ігар Мартынаў.

Першым пачаўся суд над Касінеравым і Спарышом. Падтрымаць іх прыйшлі паплечнікі з анархісцкага руху. Касінераў — анархіст, Спарыш — актывіст аргкамітэта сацыял-дэмакратычнай партыі, які ўзначальвае Мікалай Статкевіч.

Дзе знаходзяцца астатнія затрыманыя, невядома. Спарыш і Касінераў кажуць, быццам тыя па-ранейшаму засталіся ў Маскоўскім РУУСе. 

Калі суддзя зайшла, падсудныя сталі крычаць, каб ніхто не ўставаў. Спарыша вывелі з залы за непадпарадкаванне суду. 

Касінераў заявіў: "Я не давяраю беларускаму правасуддзю, лічу яго рэпрэсіўным, але гэта нічога не змяняе, таму ніякіх заяваў у мяне няма". Ён паведаміў, што пратакол затрымання не бачыў і да суда не ведаў, па якім артыкуле яго абвінавачваюць. Актывіст выказаў жаданне азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму суддзя абвясціла перапынак. 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 03.12:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі