У Маскве 3 сакавіка плануюць абмеркаваць выдачу крэдыту Беларусі
Там адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
У Маскве 3 сакавіка пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Пра гэта РІА "Новости" паведаміў прэс-сакратар расійскага кіраўніка Дзмітрый Пяскоў.
Журналісты спыталіся ў Пяскова, ці будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні выдача крэдыту афіцыйнаму Мінску. На гэта ён адказаў, што, "безумоўна, будзе закрануты ўвесь комплекс двухбаковых расійска-беларускіх адносін".
Дарэчы, на 2015 год для Беларусі прыпадае пік выплат па вонкавых пазыках. Наша дзяржава мусіць выплаціць крэдыторам каля 4 мільярдаў долараў. Напрыканцы студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка казаў, што Масква абяцала даць Мінску крэдыты пры неабходнасці, бо яна зацікаўленая ў стабільнай фінансавай сітуацыі ў Беларусі. Разам з тым Лукашэнка паведаміў, што буйныя крэдыты Беларусь браць не плануе.
Як паведамляла Еўрарадыё, учора міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's адправіла на перагляд рэйтынг дзяржаблігацый Беларусі. Эксперты агенцтва лічаць, што Расія можа спыніць сваю фінансавую падтрымку Беларусі, бо пагоршыліся эканамічныя ўмовы ў самой Расіі. Тым часам беларуская эканоміка моцна залежыць ад вонкавых крыніцаў падтрымкі.
Фота — ria.ru