У Маскве адбылася перастрэлка праз няправільна прыпаркаваны аўтамабіль
У Маскве адбылася перастрэлка на тэрыторыі міжнароднага дзелавога комплексу “Масква-Сіці”. Пацярпелі сама меней 6 чалавек. Як перадае meduza.io са спасылкай на расійскія СМІ, прычынай канфлікту стала скарга аховы ўстановы на няправільна прыпаркаваны аўтамабіль.
У пятніцу, 17 лістапада, тут праходзіла вечарына з нагоды 50-годдзя прадпрымальніка Дзмітрыя Паўлава. На імпрэзу сабралася каля 250 чалавек, былі запрошаныя вядомыя тэлевядоўцы і зоркі расійскага шоў-бізнэсу.
Каля 20.30 ахова комплексу, якая сустракала наведнікаў, папрасіла прыбраць з паркоўкі чорны “Мерседэс”, які замінаў праходу гасцей. З прыпаркаваных побач машын выйшла некалькі чалавек з аховы яшчэ аднаго расійскага бізнэсмена, Гаўрыіла Юшваева.
Канфлікт з перастрэлкай адбыўся ў холе рэстарана. Сярод пацярпелых — супрацоўнікі Расгвардыі, якія ахоўвалі мерапрыемства. Затрымана чатыры чалавекі. Распачатая крымінальная справа паводле артыкула аб замаху на забойства.