У Маскве заявілі, што прэзідэнт Турцыі прынёс прабачэнні за гібель пілота Су-24

У Маскве заявілі, што прэзідэнт Турцыі прынёс прабачэнні за гібель пілота Су-24

У Маскве заявілі, што прэзідэнт Турцыі прынёс прабачэнні за гібель пілота расійскага Су-24. Па словах прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова, Рэджэп Эрдаган хоча аднавіць адносіны з Расіяй і заклікае Уладзіміра Пуціна працаваць над гэтым.

У лісце Эрдагана адзначаецца, што ў Турцыі "ніколі не было жадання і заведамага намеру збіць самалёт, які належыць Расійскай Федэрацыі". Турэцкі прэзідэнт паведамляе, што ў адносінах грамадзяніна Турцыі, імя якога асацыюецца са смерцю расійскага пілота, распачалі судовае расследаванне. Рэджэп Эрдаган выказаў глыбокія спачуванні сям'і загінулага пілота. Ён адзначыў, што Анкара гатовая да любой ініцыятывы "для аблягчэння болю і цяжкасці нанесеных стратаў" сваякам расійскага афіцэра.

Першы намеснік камітэта Савета Федэрацыі Расіі па міжнародных справах Уладзімір Джабараў заявіў, што "занадта шмат мы ўжо згубілі", "адносіны рвуцца хутка, а аднаўляюцца доўга", інфармуе РІА "Новости".

Як вядома, адносіны паміж Расіяй і Турцыяй сапсаваліся ў лістападзе 2015 года, калі на турэцка-сірыйскай мяжы быў збіты расійскі Су-24. Адзін з пілотаў, Алег Пяшкоў, які катапультаваўся, быў расстраляны баевікамі ў небе, калі спускаўся на парашуце (другі пілот выжыў). Анкара заявіла, што самалёт парушыў паветраную прастору Турцыі, у Маскве гэта адмаўлялі. Расія, не дачакаўшыся прабачэнняў ад кіраўніцтва Турцыі, увяла санкцыі супраць гэтай краіны. Пуцін заяўляў, што калі Анкара хоча аднавіць адносіны з Расіяй, ёй трэба прынесці прабачэнні, кампенсаваць страты і пакараць вінаватых. Атрымліваецца, што Турцыя зрабіла першы крок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі