У Мазыры агучылі прысуд работніку ваенкамата, урачу і іх сябру

У Мазыры агучылі прысуд работніку ваенкамата, урачу і іх сябру

У пятніцу, 8 ліпеня, суд Мазырскага раёна агучыў прысуд работніку ваенкамата, урачу і іх сябру. Яны за грошы дапамагалі прызыўнікам пазбегнуць службы ў войску.

Як інфармуе БелаПАН, пад крымінальны пераслед трапілі начальнік аддзела прызыву на ваенную службу мясцовага раённага ваенкамата, урач-траўматолаг і іх сябар, 23-гадовы прадпрымальнік. Апошні падбухторваў аднаго з прызыўнікоў даць хабар у памеры 1500 долараў, каб яго прызналі непрыгодным да ваеннай службы і вызвалілі ад прызыву. Хлопец знайшоў грошы і перадаў прадпрымальніку, а той амаль усю суму пакінуў сабе, работнік ваенкамата атрымаў толькі 100 долараў.

Дзеянні мужчыны, ад якіх пацярпелі 14 чалавек, расцэненыя як падбухторванне і дапамаганне ў дачы хабару (арт. 431 КК). Некаторых прызыўнікоў абвінавачваны ашукаў, грошай у ваенкамат ён зусім не перадаваў. Начальнік аддзела ваенкамата абвінавачваўся ў атрыманні хабару ад прызыўніка. Таксама ён "уступіў у злачынную змову" з урачом-траўматолагам, які за хабар павінен быў ставіць прызыўнікам заведама непраўдзівы дыягназ аб наяўнасцi ў iх захворванняў, якія перашкаджаюць праходжанню ваеннай службы.

Прадпрымальніка прызналі вінаватым у дапамаганні ў дачы хабару, у махлярстве, у здзяйсненні фiнансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі заведама злачынным шляхам, ды інш. Ён прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Работніка ваенкамата прызналі вінаватым у атрыманні хабару, замаху на прыняцце хабару, паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, у злоўжыванні службовай асобай службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды дзяржінтарэсам. Яго прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Лекара прызналі вінаватым у замаху на атрыманне хабару, паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, у атрыманні хабару. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 3 гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі