У Мінгарвыканкаме новы старшыня — Анатоль Сівак

У Мінгарвыканкаме новы старшыня — Анатоль Сівак

У Мінгарвыканкаме новы старшыня  — Анатоль Сівак. 24 лістапада яго прызначыў на гэтую пасаду Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Кіраўнік краіны таксама анансаваў сустрэчу з актывам сталіцы, якая павінна адбыцца неўзабаве.

56-гадовы Анатоль Сівак паходзіць з Гомельшчыны. У свой час ён скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту і пасля гэтага працаваў на Беларускай чыгунцы ў Дарбудмантажтрэсце. Быў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі, памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па г. Мінску. У 2009 годзе стаў начальнікам Белчыгункі, а ў 2012 годзе — міністрам транспарту і камунікацыяў. На гэтай пасадзе знаходзіўся дагэтуль.

Невядома, чым цяпер будзе займацца ўжо былы старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Перад выходнымі Лукашэнка склікаў нараду аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу і на ёй выказаў незадаволенасць працай Шорца. Галоўнай прэтэнзіяй былі схемы з масавым набыццём і перапродажам кватэраў ад камунальнага забудоўніка. Цяпер чыноўнік звольнены.

Менавіта за чатыры гады пад кіраўніцтвам Андрэя Шорца ў Мінску шырока разгарнулася будаўніцтва буйных аб’ектаў з “ушчыльненнем”, супраць якога пратэстуюць жыхары сталіцы. Але ж пры гэтым у Мінску здолелі рэфармаваць сістэму ЖКГ і атрымаць эканомію для бюджэту, з’явілася болей фаст-фудаў, крамаў вопраткі міжнародных сетак.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі