У мінскім аэрапорце за паласу выкаціўся самалёт Uzbekistan Airways
17 студзеня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" адбылося надзвычайнае здарэнне. У 11:45 прызямліўся самалёт Uzbekistan Airways з Ташкента. Аднак Airbus А-320 выкаціўся за ўзлётна-пасадачную паласу. У аэрапорце прычынай называюць моцны снегапад і завіруху. На борце былі 115 пасажыраў. Па папярэдніх даных, ніхто не пацярпеў. Сам самалёт не атрымаў пашкоджанняў.
Пасажыраў даставілі ў будынак тэрмінала, а самалёт адбуксіравалі да месца стаянкі.
З-за здарэння і "складаных умоваў надвор'я" тры самалёты "Белавія" (рэйсы з Санкт-Пецярбурга і Масквы) не змаглі прызямліцца і вымушаныя былі спачатку наварочваць кругі ў паветры каля Лепеля і Крупак, а пасля — ляцець у Санкт-Пецярбург. У Гомелі яны прызямліцца не маглі, паколькі там нялётнае надвор'е.
На запасны аэрадром у Санкт-Пецярбургу перанакіравалі рэйсы B2942 Санкт-Пецярбург — Мінск, B2958 Масква (Дамадзедава) — Мінск і B2976 Масква (Шарамеццева) — Мінск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.