У мінскім гатэлі "Беларусь" праходзіць форум прадпрымальнікаў (фота)

18 траўня ў мінскім гатэлі "Беларусь" праходзіць форум прыватных прадпрымальнікаў.

Як зазначыла ў гутарцы з Еўрарадыё прадпрымальніца з Мінска Алена, яна чакае, што сёння будуць абмяркоўвацца ўмовы працы прадпрымальнікаў.

"Чаму, да прыкладу, адказнасць за фальшывыя дакументы нясуць беларусы, а не расіяне, якія нам іх выдалі? Таксама хацелася б абмеркаваць, чаму ў нас, у Беларусі, зрабіць сертыфікат ў два-два з паловай разы даражэй, чым у Расіі. Я рабіла гэтыя сертыфікаты ў Расіі — там гэта каштуе 100 долараў, напрыклад, а ў нас ў два разы даражэй! Пасля мінулага форуму былі палёгкі для прадпрымальнікаў. Я спадзяюся, і цяпер будуць прынятыя нейкія дзейсныя рашэнні", — кажа Алена.

Нагадаем, папярэдні форум праходзіў 16 лютага і сабраў больш за 1000 прадпрымальнікаў. Форум праходзіў напярэдадні таго, як іпэшнікам планавалася забараніць распрадаваць лішкі прадукцыі, прывезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія б пацвярджалі набыццё гэтых тавараў. Тады ўдзельнікі форуму дамагліся, каб улады адмянілі забарону на продаж лішкаў без сертыфікатаў і наклалі мараторый на канфіскацыі і праверкі іпэшнікаў.

Пазней, 17 сакавіка, кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадпрымальнікамі ў гандлёвым цэнтры “Экспабел”, а потым правёў паседжанне па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Лукашэнка падпісаў указ №143, які дазволіў іпэшнікм гандляваць без дакументаў да 1 студзеня 2016 года. Разам з гэтым прадпрымальнікі атрымалі ўмову: пры рэалізацыі тавараў без дакументаў ўстаноўлены павышальны каэфіцыент 2 пры вылічэнні адзінага падатку і падатку на дадатковую вартасць у чатыры этапы: на 2 — з 1 па 31 сакавіка, на 2,5 —  з 1 красавіка па 30 чэрвеня, на 3 — з 1 ліпеня па 30 верасня, на 4 — з 1 кастрычніка па 31 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі