У Мінску лічаць, што не зрабілі "ніводнага ініцыятыўнага антыеўрапейскага кроку"
У Мінску заявілі, што не зрабілі "ніводнага ініцыятыўнага антыеўрапейскага кроку". "Усе нашы захады носяць зваротны характар, — кажа ў эфіры тэлеканала АНТ прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. — Мы заўсёды адкрытыя для нармальнага, раўнапраўнага дыялогу".
Глаз паразважаў і на тэму магчымага разрыву дачыненняў з Еўрасаюзам. Ён лічыць, што гэта можа адбыцца, калі яны будуць будавацца па прынцыпе "мы гаворым, вы выконваеце". "Такіх адносін не будзе, іх трэба разарваць", — сказаў Глаз.
Як вядома, Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза. Яны былі ўведзены невыпадкова: за фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, за рэпрэсіі і гвалт сілавікоў, за наяўнасць вялізнай колькасці палітвязняў, за пасадку пасажырскага самалёта ў траўні 2021-га і арышт іншадумцаў, за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Афіцыйны Мінск адказваў на гэта, напрыклад, "зачысткай" грамадзянскай супольнасці, узмацненнем рэпрэсій.
Тым часам тавараабарот Беларусі з ЕС на фоне вайны і санкцый скараціўся на чвэрць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.