У Мінску пабіліся пешаход і супрацоўнік ДАІ
Бойка паміж жыхаром Мінска і інспектарам ДАІ прывяла да крымінальнай справы. Як піша tut.by, здарэнне адбылося 4 жніўня каля 15-й гадзіны ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Мужчына перайшоў дарогу ў неналежным месцы. Калі супрацоўнік ДАІ паклікаў яго, мінчук пачаў уцякаць. Інспектар дагнаў яго, пасля чаго паміж імі завязалася бойка.
Праверку па гэтым факце праводзіў Следчы камітэт. Афіцыйная прадстаўніца Юлія Ганчарова паведаміла, што СК правёў судова-медыцынскія экспертызы ўсіх удзельнікаў здарэння. Следчыя забралі некалькі відэазапісаў — як з відэарэгістратара патруля, так і з іншых носьбітаў. Па выніках праверкі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Суседзі Аляксандра — пешахода, які перайшоў дарогу ў неналежным месцы, абнародавалі відэазапіс з часткай бойкі ў доме.
Жонка мінчука Марына кажа, што муж — інвалід другой групы. Ён хадзіў у краму. "Што было на дарозе, я не бачыла і не магу сказаць. Мне людзі казалі, што інспектар мужа ударыў дзвярыма, але я гэтага не бачыла — не бяруся сцвярджаць. Увесь канфлікт заспела ўжо дома. Ад гэтага я проста ў шоку — дагэтуль не магу прыйсці ў сябе. Інспектар ударыў мяне ў грудзі. Гэта зафіксавана ў даведцы. Мы напісалі заяву ў міліцыю — за перавышэнне паўнамоцтваў, знялі пабоі. Я разумею, што муж парушальнік, перайшоў дарогу ў неналежным месцы, але ён не быў п'яны, дык як жа так?"— не хавае здзіўлення жанчына.
Дарэчы, адразу пасля канфлікту мужа павезлі ў лякарню, а потым — у міліцыю.
У ДАІ Мінска пацвердзілі канфлікт паміж мінчуком і інспектарам. Там патлумачылі, што абавязак супрацоўніка ДАІ — прыняць "меры для спынення правапарушэння, што інспектар і зрабіў. Аднак пешаход пачаў уцякаць, нягледзячы на патрабаванні інспектара". Сталічныя даішнікі кажуць, што пешаход "аказаў актыўны супраціў супрацоўніку міліцыі".