У Мінску пачаў працаваць канкурэнт Uber — "Яндэкс.Таксі"

У Мінску пачаў працаваць канкурэнт Uber — "Яндэкс.Таксі"

З 25 лютага ў Мінску запускаюць сервіс "Яндэкс.Таксі". Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў яго дырэктар Тыгран Худавердзян.

"Мы будзем працаваць з перавозчыкамі ад асобных ІП да фірмаў з аўтапаркам, — распавядае Худавердзян. — Запускаемся з тэхпартнёрам таксі 135. На сённяшні дзень большасць партнёраў гэтай службы стала партнёрамі "Яндэкс.Таксі". Мы не будзем працаваць з прыватнімі кіроўцамі, толькі з тымі, хто мае ліцэнзію".

Абаніраванне "Яндэкс.Таксі" будзе каштаваць 40 тысяч рублёў, у якія ўваходзяць бясплатныя 3 км праезду. Далей 1 км будзе каштаваць 5 900 рублёў. Выклікаць таксі трэба праз мабільны дадатак. Пакуль сервіс працуе ў рэжыме бэта-тэставання і не будзе прымаць аплату картай — толькі наяўнымі. Гэта звязана з заканадаўствам і ў бліжэйшыя 2 месяцы плануецца запуск аплаты картай.

Калі параўнаць з сервісам Uber, які таксама запусціўся ў Мінску, то праезд каштуе амаль аднолькава. 5 700 за км у Uber i 5 900 у "Яндэкс.Таксі". Uber мае плату за падачу — 27 000, у якую не ўваходзяць бясплатныя кіламетры.

Па прыблізных падліках Еўрарадыё, праехаць 5 км на "Яндэкс.Таксі" будзе каштаваць 51 800, на Uber — 55 500. Асноўным адрозненнем ад Uber будзе тое, што "Яндэкс.Таксі" можна выклікаць на заўтра, ці на сёння на пэўны час, а таксама аплаціць наяўнымі. У будучым сервіс таксама плануе уводзіць сервіс з аўто бізнэс-класа, накшталт Uber Black, які з'явіўся раней за бюджэтны Uber.

Паколькі сервіс працуе з службамі, якія маюць ліцэнзію таксі, кліенту будуць выдаваць чэк такі самы, як і ў таксоўках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі