У Мінску пройдзе гарадскі кніжны фестываль

24-25 красавіка ў Мінску пройдзе Першы гарадскі кніжны фэст "Горад і кнігі". Яго арганізатарамі выступілі Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Навуковая бібліятэка БНТУ і сацыяльны праект "За Чытанне", перадаюць "Мінск-навіны".

Фэст пачнецца 24 красавіка а 14-й у Нацыянальнай бібліятэцы. Там выступіць Ганна Хітрык са сваім гуртом S°unduk, а забаўляць гасцей будуць мімы. Там жа адбудзецца вялікі інтэрактыўны кірмаш.

Фэст будзе праходзіць на некалькіх вялікіх пляцоўках. З сучаснымі кнігамі мінчукоў пазнаёмяць бібліятэкі, выдавецтвы, крамы. Каля спецыяльных стэндаў пакажуць тэатралізаваныя пастаноўкі, шоў-праграмы. За сталом пісьменніцкай імправізацыі выступяць папулярныя беларускія аўтары. Яны на заказ напішуць у вершаванай форме або ў прозе любыя гісторыі, заснаваныя на апавяданнях гасцей.

На дзіцячай пляцоўцы для самых маленькіх Святлана Бень (гурт "Серебряная свадьба") і іншыя артысты падрыхтавалі лялечныя тэатральныя паказы, якія будуць ісці ў рэжыме нон-стоп.

У моладзевай зоне самым цікавай акцыяй абяцае стаць пісьменніцка-чытацкі батл. У ім возьмуць удзел хлопцы, якія захапляюцца чытаннем, і аўтары твораў. Для маладых людзей арганізуюць танцавальны і кулінарны майстар-класы, прэзентацыю экскурсіі "Чытаючы Мінск" па сюжэтах сучасных бэстсэлераў пра горад ад прадстаўнікоў "Фэста экскурсаводаў".

У Навуковай бібліятэцы БНТУ 24 красавіка з 19 да 23 гадзін пройдзе "Бібліяноч-2015". Там запланаваныя клуб настольных гульняў, паказ дакументальных кароткаметражных фільмаў, праекты "пад замком", "Жывая бібліятэка", канцэрт у дворыку універсітэта і фаер-шоў.

Фота — foolpix.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі