У Мінску талончык у тры разы даражэйшы, чым у Кіеве

У жніўні талончык на мінскі гарадскі транспарт, магчыма, скокне адразу да 5000 рублёў. Гэтую інфармацыю ў “Мінсктрансе” не пацвярджаюць і не абвяргаюць. Затое дакладна кажуць, што цяпер пасажыры не аплачваюць і 50%.

“За чатыры месяцы акупляльнасць гарадскога транспарту складае 47,1%, пару месяцаў таму было яшчэ меней. Мінулым годам акупляльнасць была 33,1%. З метро сітуацыя трохі лепшая — акупляецца прыкладна на 54%”, — кажуць Еўрарадыё ў “Мінсктрансе”. Гэтая лічба сярэдняя — з улікам цаны квітка ў кіроўцы. На прадпрыемстве заўважаюць, што акупляльнасць транспарту расце вельмі марудна. Няцяжка падлічыць: каб транспарт акупляўся, квіток павінен каштаваць 8200 рублёў. Раней чыноўнікі называлі лічбу ў 5-6 тысяч рублёў за талончык.

Еўрарадыё падлічыла, што з 2008 года квіток на праезд у Мінску даражэў мінімум 10 разоў — з 600 рублёў да 3700 рублёў. У Кіеве таксама кажуць, што акупляльнасць гарадскога транспарту “ў раёне 50%”. Але апошняе павышэнне тарыфаў там было… ў 2008 годзе!

“У нас квіток каштуе 1,5 грыўні, на метро — 2 грыўні (каля 1200-1600 рублёў суадносна — заўвага Еўрарадыё). Мы Мінску зайздросцім! Падаем паперы на падаражанне некалькі раз на год, але нам адмаўляюць. Збіраліся павысіць тарыф з новага года да 3 грыўнаў, але праз нашу палітычную сітуацыю ніхто не наважыўся на гэта!” — кажуць Еўрарадыё ў планава-эканамічным аддзеле “Кіеўпастранс” і цікавяцца, за кошт чаго ў нас такія лічбы. Бо паліва ў Кіеве трохі даражэйшае.

“Нам дзяржава трохі дае грошай, але ў нас і дызель-паліва даражэйшае. Дызель-паліва каштуе 14,5 грыўняў (каля 12600 рублёў), заробкі ў кіроўцаў — каля 5500 грыўняў. Мо ў вас за кошт заробкаў расце і цана квітка?” — разважаюць ў “Кіеўпастранс”.

Цікава, што ў Баранавічах акупляльнасць праезду ў аўтобусах ужо амаль 100%! Пры цане талончыка ў 3200 рублёў.

“Акупляльнасць гарадскіх перавозак цяпер складае 92,9% за чатыры месяцы. Проста ў нас выдаткаў меней, чым прыбытку”, — тлумачаць у Баранавічах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі