У Мінску ўпершыню паказалі карціну культавага мастака часоў перабудовы

У Мастацкай галерэі імя Савіцкага выставілі карціны аднаго з самых пратэстных і папулярных беларускіх мастакоў савецкага часу — Аляксандра Ісачова.

У 1987 годзе на выставу гэтага аўтара ў Рэчыцы прыйшло каля 20 тысяч чалавек. А ў Мінску, каб убачыць карціны Ісачова, стаяла чарга, як сёлета да Дароў вешчуноў. Такога масавага інтарэсу да творчасці мастакоў у Беларусі не здаралася ні да, ні пасля. 

Аляксандр Ісачоў не меў дыплома мастацкай вучэльні. Яго выключылі нават з мастацкай школы: за пафарбаваныя доўгія валасы. Таму мастак скончыў “вячорку”, працаваў будаўніком. Пэўны час жыў у Ленінградзе, дзе знайшоў свайго мецэната — савецкага дысідэнта Анатоля Міхайлава. Дзякуючы гэтаму чалавеку, карціны беларуса трапілі ў ЗША, Францыю, Ізраіль, Германію…

Праз тры дні пасля сваёй знакавай выставы ў Рэчыцы Аляксандр Ісачоў памёр праз інфаркт. Яму былo 32 гады.

У Мастацкай галерэі імя Савіцкага выстаўлена 70 яго карцін. Упершыню можна ўбачыць “Аўтапартрэт. Апалон”, — распавядае пра ўласную калекцыю карцін Аляксандра Ісачова беларускі калекцыянер і мастак Алег Арлоў. Поруч з палотнішчамі знакамітага творцы ён выставіў і свае працы. — Жывучы ў БССР, Аляксандр Ісачоў не прагнуўся пад прэсінг з боку кампартыі. Ён адлюстроўваў у карцінах не сацрэалізм, а рэлігію, містыку, чаго іншыя мастакі на той час не рабілі. У сваёй творчасці ён сплюсаваў хрысціянства і вельмі шмат разнастайных культур, якія знаходзіліся пад тоўстым слоем часу: Месапатаміі, Егіпта, Грэцыі…”

Пры жыцці Аляксандр Ісачоў прадаваў свае карціны за 150-200 савецкіх рублёў. Сёння кошт на працы беларуса выраслі у сотні разоў.

“Той жа “Аўтапартрэт. Апалон” сёння каштуе прыкладна 50 тысяч еўра. Гэта сярэдні кошт на Аляксандра Ісачова, ― працягвае Алег Арлоў. ― Фінансавая вартасць яго карцін скокнула ўверх цягам апошніх дзесяці гадоў”.

У 1980-х на Аляксандра Ісачова быў настаўлены стабільны прыцэл з боку спецслужбаў. Ненармальным лічылася тое, што працы савецкага мастака заўважылі і выстаўляюць за мяжой. Нейкага неверагоднага ўціску, пасадак ў турму не было. Даставалася творцы куды менш, чым сённяшнім апазіцыянерам, якія часам рэгулярна вандруюць з волі ў вязніцу і назад. У той жа час беларускіх журналістаў, якія “раскручвалі” Ісачова, звальнялі з працы за артыкулы пра яго. Творчасць Ісачова выклікала жывую ўвагу а таксама спрэчкі і дыскусіі наконт мастацкай вартасці карцін.

“Гэты чалавек быў, безумоўна, таленавіты, але не вучаны, не атрымаў належнай адукацыі. Ён варты ўвагі, але ўсё патрэбна называць сваімі словамі, ― выказвае ўласнае меркаванне Рыгор Сітніца, старшыня Саюза мастакоў Беларусі. ― Кампазіцыі яго далёка не бясспрэчныя: дэталь адтуль, дэталь адгэтуль. Іншая справа, што ён сапраўды мог зрабіць. Яго прыродны талент аспрэчваць не буду. Але ні ў якім разе не выпадае казаць, напрыклад, што гэта геній. Такім я магу назваць мастака Гаўрылу Вашчанку, які нядаўна адышоў, ці Арлена Кашкурэвіча, ці феерычнага Віталя Цвірку. Нядаўна мы развіталіся з паэтам Рыгорам Барадуліным. Вось гэта геній. Геніямі мы называем людзей маштабу Шапэна. Вось якія бяруцца меркі”.

У апошнія гады Аляксандр Ісачоў жыў у Рэчыцы і, нягледзячы на поспех, не збіраўся пераязджаць у больш буйныя гарады, імкнуўся падрыхтаваць сваіх вучняў. Землякі горача баранілі Ісачова, калі падчас выставы 1987 года яго спрабавалі зганьбіць заезджыя сталічныя госці. Мастака лічаць адным з самых яскравых сімвалаў перабудовы ў Беларусі.

Фота з сайта kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі