У мінскую гімназію набралі 6 класаў па 34-35 дзяцей
У гімназіі №16, якая знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Вяснянка, у адзін з першых класаў набралі 38 вучняў! Пра гэта напісала ў “Фэйсбуку” мінчанка, сябры якой аддалі дзіця ў гэтую навучальную ўстанову.
Дырэктар гімназіі адмовіўся даваць каментар Еўрарадыё. Ва ўпраўленні па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска таксама адмовіліся патлумачыць, чаму ў клас набралі столькі дзяцей. І параілі шукаць тлумачэнні вышэй.
“38 чалавек у класе ў 16-й гімназіі? Інфармацыі такой няма, але там па 34-35 дзяцей у класах, усяго класаў набралі шэсць, — распавядае Еўрарадыё кіраўніца аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ілюшчэня. — Колькасць будучых вучняў разлічваецца з улікам памераў вучэбных кабінетаў і норм СанПіНа. Калі ёсць досыць вялікія кабінеты і магчымасць арганізаваць вучэбны працэс без шкоды для дзяцей, дык такія класы ствараюцца”.
Сёлета набор у беларускія гімназіі адбываўся не праз іспыты, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. У гімназіі, якія заўсёды адрозніваліся ад звычайных школ па ўзроўні вучняў і куды набіралі дзяцей па выніках іспытаў, цяпер можа патрапіць кожны школьнік з бліжэйшых дамоў — так сённяшні міністр адукацыі Ігар Карпенка разумее сацыяльную роўнасць.
У выніку ў пачатку навучальнага году ў некаторых гімназіях сталіцы адбыліся сапраўдныя аншлагі. Не мінулі праблемы і гімназію №22. Па звестках Еўрарадыё, туды запісалася так шмат першакласнікаў, што, у рэшце рэшт, адзін з класаў ходзіць вучыцца… у сярэднюю школу №34, якая знаходзіцца побач. Дырэктар школы лаканічна адмовіла ў каментары.
“Я не даю інтэрв’ю па тэлефоне”.
Да кіраўніцтва гімназіі на момант выхаду матэрыяла датэлефанавацца так і не атрымалася. Па словах сакратаркі, дырэктарка “ненадоўга адышла і знаходзіцца недзе ў гімназіі”.
Марына Ілюшчэня тлумачыць, што ў 22-ю гімназію набралі тры першыя класы па 28 вучняў, а ў 34-ую сярэднюю школу — 4 класы, у якіх агулам ужо навучаецца 112 дзяцей. Што тычыцца размяшчэння дзяцей у іншай школе — то гэта сапраўды планавалася, але сёння пацвердзіць ці абвергнуць гэту інфармацыю чыноўніца не можа.
Тым часам Мінадукацыі рапартуе, што залічэнне дзяцей у першыя класы (у тым ліку і гімназій), прайшло спакойна і без эксцэсаў.
"Зарэгістраваных скаргаў на працэс залічэння дзяцей у першыя класы ў Міністэрстве [адукацыі] няма", — паведамляе Sputnik са спасылкай на прэс-сакратара ведамства Людмілу Высоцкую.
У некаторых гімназіях сапраўды няма праблем з залічэннем першакласнікаў. Напрыклад, дырэктар беларускамоўнай гімназіі №23 распавядае Еўрарадыё, што сёлета ў навучальную ўстанову залічылі ўсіх жадаючых.
“Мы ў гэтым годзе набралі 67 вучняў, гэта тры класы. Па месцы жыхарства прыйшло толькі недзе 5%, а астатнія — усе жадаючыя. Прычым мы прынялі ў гэтым годзе ўсіх жадаючых, таму і вырашылі адкрыць трэці клас”.
То бок недзе — напрыклад, у цэнтры Мінска, дзе жылых дамоў няшмат, — інавацыі ад Міністэрства адукацыі спрацавалі так, як трэба: у класах гімназій па 20 вучняў, сярод якіх знайшлося месца ўсім жадаючым. Але ў іншых раёнах — напрыклад, у вялікім “спальніку” Вяснянка — праблемы. Колькі б чыноўнікі ні запэўнівалі, што 35 першакласнікаў у класе — гэта норма, дастаткова толькі ўявіць гэтую карціну, як адразу робіцца зразумела: настаўніку там будзе вельмі цяжка.