У МЗС Польшчы адказалі на словы Васкрасенскага пра "забраць Пачобута"

Анджэй Пачобут / sb.by

Анджэй Пачобут / sb.by

У МЗС Польшчы адказалі на словы прапагандыста Юрыя Васкрасенскага пра "забраць Пачобута". Васкрасенскі сцвярджае, што Мінск прапанаваў асабіста кіраўніку МЗС Польшчы Радаславу Сікорскаму, каб той вывез журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута з РБ.

"Я тэлефаную бясконца былому часоваму паверанаму Вайцэхоўскаму, — гаварыў прапагандыст у стрыме ў Рыгора Азаронка. — Ён не падымае слухаўку. Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сетцы: "Забірай, забірай, падымай зад і забірай". Калі ты думаеш, мы за кімсьці будзем бегаць з гэтым Пачобутам? Не. Значыць, ён адсядзіць увесь тэрмін".

На гэта Еўрарадыё атрымала такі адказ міністэрства замежных спраў Польшчы: "Паведамляем, што прапанова, якую ў чарговы раз прадставіў калабарант беларускага рэжыму, не ўпісваецца ні ў адзін канон двухбаковых адносін".

Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "закліках да санкцый" і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". КДБ РБ дадаў яго ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Палітвязню раней прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Гаворкі пра вызваленне Пачобута актывізаваліся ў Польшчы пасля маштабнага міжнароднага абмену зняволенымі паміж Захадам і РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі