У МЗС пракаментавалі ліст Макея калегам у ЕС з заклікам да дыялогу
МЗС Беларусі / РІА Новости
Вялікіх ілюзій наконт рэакцыі на беларускае "запрашэнне да нармальнасці" ў Мінску не мелі, заявіў у эфіры "Беларусь 1" прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Яго папрасілі пракаментаваць падаплёку ліста Уладзіміра Макея яго калегам у ЕС з нагоды 30-годдзя дыпламатычных адносін з Еўрасаюзам.
"Працягнуць руку — гэта быў наш дыпламатычны абавязак, які мы выканалі", — сказаў Глаз.
Паводле слоў Глаза, ні аднаго пазітыўнага адказу Мінск так і не атрымаў. Але пэўная рэакцыя была, прычым, як лічаць у МЗС, канструктыўная.
"Некаторыя гэты сігнал успрынялі. А той, хто зліў дыпламатычны дакумент у СМІ, паказаў свой узровень прафесіяналізму, такту, жадання нешта вырашаць. І зусім нас не здзівіў", — заявіў Глаз.
Паводле яго слоў, мэтай гэтага ліста было яшчэ раз сфармуляваць беларускую пазіцыю, "якая не змянілася і палягае ў тым, што ўсе пытанні трэба вырашаць за сталом перамоў, абмяркоўваць заклапочанасці і дамаўляцца". Ціскам і шантажом ніводнае пытанне вырашыць не атрымаецца. У гэтым выпадку "еўрапейскага саюза ў Беларусі будзе рабіцца ўсё менш і менш".
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка ў СМІ з'явіўся ліст Уладзіміра Макея ў адрас прадстаўнікоў еўрапейскіх дыпведамстваў. Кіраўнік МЗС Беларусі заклікаў чыноўнікаў у ЕЗ адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі і аднавіць дыялог.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.