У Нарвегіі зафіксавалі уцечку радыяцыі з савецкай падлодкі "Камсамолец"
Апарат Ægir 6000 робіць вымярэнні на "Камсамольцы" / www.tv2.no
Узровень радыяцыі вакол патанулай савецкай падводнай лодкі "Камсамолец" перавышаны ў 100 тысяч разоў. Такія дадзеныя атрымала экспедыцыя на даследчым судне "G.O. Sars", закліканая высветліць экалагічную абстаноўку вакол загінулай АПЛ і зрабіць замеры узроўняў забруджвання.
У экспедыцыі ўдзельнічалі навукоўцы з Нарвегіі і Расіі. Нарвежская спецыялістка Хільда Эліза Хелдаль, якая агучыла інфармацыю аб уцечцы, падкрэсліла, што дадзеныя папярэднія. Аднак узровень радыяцыі дакладна апынуўся вышэй за зафіксаваны расійскімі навукоўцамі падчас папярэдняй экспедыцыі ў 2007 годзе.
"Мы вывучым узоры больш пільна, калі вернемся дадому", — дадала Хелдаль.
Атамная падводная лодка К-278 "Камсамолец" лічылася самай глыбакаводнай субмарынай у гісторыі. Яна затанула 7 красавіка 1989 года ў Нарвежскім моры ў выніку пажару. З 69 членаў экіпажа загінулі 42.
Цяпер "Камсамолец" ляжыць на глыбіні каля 1700 метраў.