У Наваполацку дворнік дапамагаў разбіраць шацёр цырка і ўпаў з вышыні
У Наваполацку дворнік дапамагаў разбіраць шацёр цырка і ўпаў з вышыні. Як паведаміла БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава, здарэнне адбылося 13 жніўня. Дворнік гарадскога парку культуры і адпачынку дапамагаў работнікам прыезджага цырку. Купал з шатра ўжо быў зняты, заставалася дэмантаваць каркас.
49-гадовы мужчына ў выніку падзення атрымаў шматлікія цяжкія траўмы галавы, шыйнага аддзела пазваночніка. Ён знаходзіцца ў гарадской бальніцы ў вельмі цяжкім стане. Па дадзеным факце праваахоўнікі праводзяць праверку, прызначана судова-медыцынская экспертыза. Высвятляецца, на якіх умовах дворнік прыцягваўся да разборкі цыркавога шатра.